Перайсці да зместу

Леў Львовіч Ваньковіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Леў Львовіч Ваньковіч
Герб «Ліс»
Герб «Ліс»
Нараджэнне 4 жніўня 1872(1872-08-04)
Смерць 15 верасня 1948(1948-09-15) (76 гадоў)
Месца пахавання варшаўскія могілкі Старыя Павонзкі
Род Ваньковічы
Бацька Леў Апалінарыевіч Ваньковіч (1831—пасля 1881)
Маці Паўліна Аляксандраўна Манюшка
Жонка графіня Стэфанія Броэль-Плятэр (1873—1956)
Дзеці дзяцей не меў
Веравызнанне каталік
Член у

Леў Львовіч Ваньковіч (4 жніўня 187215 верасня 1948) — грамадскі дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы, буйны землеўласнік, арганізатар сельскагаспадарчай дзейнасці ў Беларусі, «краёвец». Быў апошнім прыватным уладальнікам родавага палаца ў Смілавічах.

Паходжанне і сям'я

[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да сярэднезаможнага каталіцкага шляхецкага роду Ваньковічаў гербу «Ліс», прадстаўнікі якога займалі розныя пасады ў Менскім ваяводстве ВКЛ і Магілёўскай і Мінскай губернях Расійскай імперыі.

Нарадзіўся 4 жніўня 1872 г. у родавым палацы ў Смілавічах у сям'і Льва Апалінарыевіча Ваньковіча (1831–пасля 1882) і яго жонкі Паўліны Аляксандраўны Манюшкі (нар. у 1831 г.). Быў хрышчаны ў каталіцтва 24 верасня 1872 г. у ігуменскім касцёле.

Ажаніўся 4 мая 1897 г. у Вільні з графіняй Стэфаніяй Броэль-Плятар (02.03.1873–1956), якая была дачкой графа Густава-Вільгельма Броэль-Плятэра і яго жонкі Анатоліі-Антаніны Гарцінг. Ад жонкі дзяцей не меў.

Скончыў поўны курс Варшаўскага рэальнага вучылішча.

Службовая і грамадская дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

11 чэрвеня 1891 г. паступіў на ваенную службу вольнавызначаным лейб-гвардыі Гродзенскага гусарскага палка, а 2 кастрычніка 1892 г. ужо выйшаў у запас.

Вяселле Мечыслава Баляслававіча Ялавецкага (1876—1962) і Юліі Зыгмунтаўны Ваньковіч (1883—1939) у сядзібе Ваньковічаў у Вялікай Сляпянцы, 30 чэрвеня 1910 г.[1]

З 1892 г. з'яўляўся членам Мінскага губернскага папячыцельства аб дзіцячых прытулках. Член Мінскай губернскай апецы над дзіцячымі прытулкамі. У 1901 г. атрымаў чын калежскага сакратара, а пазней надворнага саветніка.

1908—1917 гг. (па прызначэнні расійскага ўрада) быў дэпутатам дваранства (вывадовым дэпутатам) ад Ігуменскага павета ў Мінскім дваранскім дэпутацкім сходзе.

10 (23) верасня 1904 г. у Вільні ў шэрагах іншых дваран-каталікоў літоўска-беларускіх губерняў прысутнічаў на адкрыцці помніка расійскай імператрыцы Кацярыне II.

Стаў членам Мінскага таварыста сельскай гаспадаркі (МТСГ), дзе дамінавалі ліберальна-кансеватыўныя погляды «краёвай ідэі». 30 чэрвеня 1910 г. прысутнічаў на вяселлі Мечыслава Ялавецкага і Юліі Ваньковіч у палацы ў Сляпянцы.

У 1911—1917 гг. быў старшынёй папячыцельнага савета мінскага камерцыйнага вучылішча.

У 1912 г. стаў адным з заснавальнікаў і скарбнікам грамадскай «Арганізацыі ўзаемнай дапамогі роду дваран Ваньковічаў».

У часы кіравання Часовага ўрада Расіі, у канцы мая 1917 г. у Мінску адбыўся сход павятовых маршалкаў і дэпутатаў дваранства Мінскай губерні. Сход стварыў часовы камітэт з 12 асоб (граф Ежы Чапскі (1861—1930), Эдвард Вайніловіч (1847—1928), Леў Львовіч Ваньковіч (1842—1949), Геранім Кеневіч (1867—1925), Раман Скірмунт (1868—1939), Эдвард Горват (1866—1935) і інш.), вылучаных прысутнымі для часовага вядзення ўсіх дваранскіх спраў і апекі над рухомай і нерухомай маёмасцю дваран Мінскай губерні. Пратакол паседжання быў накіраваны мінскаму губернскаму камісару Часовага ўрада Расіі для распараджэння аб законнай перадачы маёмасці і спраў часоваму дваранскаму камітэту Мінскай губерні. Адразу пасля гэтага на агульным сходзе МТСГ была створана арганізацыя «Саюз маянткоўцаў Мінскай губерні», кіраўніком якой быў выбраны граф Ежы Чапскі (бо сам Вайніловіч не захацеў узначаліць саюз), а яго намеснікам — Людвік Уняхоўскі, і быў зацверджаны яе статут[2].

Картка Усерасійскага сельскагаспадарчага перапісу 1917 года, дзе Леў Львовіч Ваньковіч уласна пазначыў сваю нацыянальнасць як "беларус".

Падчас Усерасійскага сельскагаспадарчага перапісу 1917 года Леў Львовіч Ваньковіч уласна запісаўся як беларус па нацыянальнасці.

Разам з іншымі членамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі шчыра падтрымліваў ідэю палітычнай суб'ектнасці Беларусі. 16 чэрвеня 1918 г. у Мінску т.зв. «група Вайніловіча» звярнулася з Дэкларацыяй да камандзіра 10-й нямецкай арміі нямецкага генерала Эрыха фон Фалькенгайна, у якой прасіла паспрыяць прызнанню незалежнасці Беларускай дзяржавы: «Агульны сход Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, які складаецца з верных сыноў і грамадзян гэтай краіны, выказвае гарачае пажаданне, што багатая гістарычнымі, дзяржаўнымі традыцыямі і этнаграфічнай адметнасцю Беларусь, краіна з уласнай культурай з дапамогай магутнага Германскага Рэйха будзе прызнана незалежнай дзяржавай па прыкладу Літвы і Украіны і расквітнее ў саюзе з Цэнтральна-еўрапейскімі дзяржавамі». Гэтая Дэкларацыя была падпісана прадстаўнікамі МТСГ (Эдвард Вайніловіч, Мечыслаў Пароўскі, Вітальд Лопат, Зыгмунт Рэвенскі, Ігнат Віткевіч), Саюза землеўласнікаў Мінскай губерні (граф Ежы Чапскі, Аляксандр Любанскі, Леў Львовіч Ваньковіч, Міхал Валовіч) і Саюза Мінскага дваранства (Людвік Уняхоўскі, Геранім Кеневіч, Юзаф Свянціцкі)[3]. У ліпені 1918 г. кіраўнік Прадстаўніцтва Рэгенцыйнай Рады Каралеўства Польскага у Берліне граф Адам Ронікер атрымаў распараджэнне з дапамогай друку пазнаёміць грамадства Германскай Імперыі і Аўстра-Венгерскай імперыі з гэтым дакументам. У суправаджальным лісце да распаражэння ўказвалася, што мінскія землеўласнікі падтрымліваюць незалежнасць Беларусі, абвешчаную Радай БНР, і іх пазіцыя не звязана з польскім нацыянальным рухам[4].

29 верасня 1918 г. у Мінску ва ўмовах грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расійскай імперыі і нямецкай ваеннай акупацыі Беларусі ў ходзе Першай сусветнай вайны адбыліся надзвычайныя дваранскія выбары па Мінскай губерні, дзе ўдзельнічалі асобныя дваране з Мінскага, Слуцкага, Барысаўскага, Ігуменскага, Бабруйскага і Навагрудскага паветаў Мінскай губерні. Агульнай колькасцю на сходзе прысутнічала 117 чалавек. Па прычыне ваенных дзеянняў у краіне прадстаўнікі Пінскага, Мазырскага і Рэчыцкага паветаў Мінскай губерні адсутнічалі на сходзе, але, тым не менш, удзельнічалі Раман Скірмунт (маянтковец Пінскага павета) і Геранім Кеневіч (маянтковец Мазырскага павета), бо знаходзіліся ў той час у Мінску і далучыліся да кола выбаршчыкаў Бабруйскага павета. Былі выбраны новыя кіраўнічыя асобы. Па выніках галасавання мінскім губернскім прадвадзіцелем дваранства быў выбраны граф Ежы Эмерыкавіч Чапскі (1861—1930), якому ў ходзе балаціроўкі канкурэнцыю складалі іншыя кандыдаты — Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928) і Леў Львовіч Ваньковіч (1872—1948). Галасы сярод трох кандыдатур размеркаваліся наступным чынам: 1) граф Ежы Эмерыкавіч Чапскі атрымаў 86 абіральных і 22 неабіральныя балы (быў выбраны маршалкам); 2) Эдвард Адамавіч Вайніловіч атрымаў 54 абіральныя і 54 неабіральныя балы (выбраны першым кандыдатам на пасаду); 3) Леў Львовіч Ваньковіч атрымаў 22 абіральныя і 86 неабіральных балаў[5].

1 мая 1921 г. на агульным сходзе членаў МТСГ у Варшаве ў зале Цэнтральнага таварыства сельскай гаспадаркі (у доме № 30 на вуліцы Каперніка) Эдвард Вайніловіч зачытаў пратакол аб самаскасаванні Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, які быў па зместу своеасаблівым «тастаментам» арганізацыі і быў ухвалены пад апладысменты прысутнымі. Падпісалі 54 асобы. Палітычная частка пратакола была апублікавана ў газетах. Леў Львовіч Ваньковіч быў сярод падпісантаў гэтага пратакола[6].

Палац у Смілавічах, фота раней 1917 г.

Пасля смерці сваёй маці (Паўліны Ваньковіч з роду Манюшкаў) маёнтак Смілавічы, Шыпяны, Алесіна і Пацічава, размешчаныя ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні, перайшлі па спадчыне двум яе сынам Паўлу і Льву.

8 мая 1903 г. адбыўся паасобны запіс, па якім ва ўласнасць Льва Львовіча Ваньковіча паступіў маёнтак Смілавічы (з мястэчкам Смілавічы, фальваркі Смілавічы, Горча, Будслаўка, Малінаўка, Асядкі, Падгор'е і Смогораўка) у Ігуменскім павеце, а таксама вінакураны завод і вадзяны млын у мястэчку Смілавічы. 24 люты 1904 г. дадзеная паасобная запіс была зацверджана. Акрамя таго Леў Львовіч Ваньковіч валодаў маёнткамі Волма і Адамарына ў Мінскім павеце.

Быў апошнім уладальнікам шыкоўнага родавага палаца ў Смілавічах, які быў нацыяналізаваны савецкай уладай. Перад прыходам у Смілавічы бальшавіцкай улады Леў Львовіч Ваньковіч з'ехаў за мяжу, але перад ад'ездам купіў на свае грошы збожжаўборачны камбайн і падарыў яго сельскагаспадарчай камуне, якая была арганізавана на яго землях.

Памёр 15 верасня 1948 г. у г. Падкова Лесьна (Польшча), пахаваны ў Варшаве на Паванзковым могілках.

Зноскі

  1. На балконе восьмы злева Раман Скірмунт, трынаццаты — Эдвард Вайніловіч, чатырнаццаты — Пётр Зыгмунтавіч Ваньковіч, пятнаццаты — Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч (1860—1937).
  2. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 189; Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem … С. 124.
  3. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.451—452.
  4. Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — С.452.
  5. Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта... С. 16.
  6. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 328-332.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]; сост.: Н. А. Голубева, Н. М. Усова, Л. В. Языкович; под научной редакцией В. И. Прокопцова. — Минск : БелЭн, 2012. — 442 с.
  • Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта / А. Грыцкевіч // Спадчына. — 1993. № 1. — С. 11—16.
  • Памятные книжки Минской губернии на 1906—1917 гг.
  • Смалянчук, А.Ф. Раман Скірмунт (1868—1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю / А.Ф. Смалянчук. — Мн.: Выдавец Зміцер Колас, 2018. — 700 с.
  • Konarski, S. Wańkowiczowie herbu Lis odmienny / S. Konarski. — Paryż, 1960.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.